Пра любоў да блiзкага
Пра любоў да блiзкага
"Вы тулiцеся да блiзкага i гаворыце прыгожыя словы. А я кажу вам: ваша любоў да блiзкага - гэта толькi любоў да самога сябе.
Вы ўцякаеце да блiзкага ад самiх сябе i хацелi б выдаць гэта за дабрачыннасць; а я наскрозь бачу вашу "самаадданасць".
"Ты" старэйшае за "Я"; "Ты" абвешчана свяшчэнным, але пакуль што не прызнана свяшчэнным "Я": i вось - чалавек тулiцца да блiзкага.
Хiба ж заклiкаю я вас любiць блiзкага? Я лепей параю вам уцякаць ад блiзкiх i любiць далёкiх!
Вышэй за любоў да блiзкага стаiць любоў да далёкага i будучага; вышэй за любоў да чалавека - любоў да дзеяў i прывiдных яваў.
Гэтая прывiднасць, што лунае над табой, браце мой, прыгажэйшая за цябе; чаму б табе не аддаць ёй сваё цела i кроў? Але ты баiшся i ўцякаеш да блiзкага.
Вы не трываеце сябе i недастаткова сябе любiце: i вось вы хочаце спакусiць блiзкага свайго на любоў да вас i пазалацiць сябе ягонымi аблудамi.
Я хацеў бы, каб вы не трывалi ўсiх гэтых блiзкiх i суддзяў iхнiх; тады вы мусiмеце стварыць з самiх сябе сябра з перапоўненым сэрцам.
Вы запрашаеце сведку, калi хочаце, каб вас пахвалiлi; i калi вы пераканалi яго думаць пра вас добра, тады i самi пачынаеце думаць пра сябе добра.
Хлусiць не толькi той, хто гаворыць насуперак таму, што ён ведае, а найперш той, хто гаворыць насуперак свайму няведанню. Менавiта так вы стасункуецеся памiж сабою, уводзячы наконт сябе ў зман сваiх суседзяў.
Неразумны гаворыць пра сябе так: "Стасункi з людзьмi псуюць характар, асаблiва калi яго няма".
Адзiн iдзе да блiзкага, бо шукае сябе, а другi - бо хоча страцiць сябе. Ваша неразумная любоў да сябе ператварае вашу адзiноту ў турму.
Далёкiя расплачваюцца за вашу любоў да блiзкага; i кожны раз, калi вы зберацеся ўпяцёх, шосты павiнен памерцi.
Я не люблю вашых святаў: надта багата актораў сустракаю я там, i нават гледачы часта прыкiдваюцца акторамi.
Не пра блiзкага я вучу вас, а пра сябра. Хай будзе сябар вам святам зямлi i прадчуваннем Звышчалавека.
Я вучу вас пра сябра i поўнiцу сэрца ягонага. Але трэба ўмець быць губкай, калi хочаш, каб цябе любiлi ад поўнiцы сэрца.
Я вучу вас пра сябра, пра шалю дабра, на якой свет стаiць, дасканалы i завершаны; я вучу вас пра стваральнага сябра, якi заўсёды гатовы адарыць такiм светам.
I як гэты свет разгортваецца перад iм, так, згортваючыся, зноў вяртаецца да яго, падобна да станаўлення дабра праз зло, падобна да станаўлення мэты праз выпадак.
Хай будзе табе будучае i далёкае прычынаю твайго сённяшняга: у сябру сваiм любi Звышчалавека, як прычыну сваю любi.
Братове мае, любiць блiзкага не запрашаю я вас, я заклiкаю вас любiць далёкага".
Так сказаў Заратустра.