Пра цноту, якая нiкчэмнiць
Пра цноту, якая нiкчэмнiць
1
Калi Заратустра быў зноў на цвёрдай зямлi, ён не адразу пайшоў на сваю гару ў пячору, а прайшоў шмат дарог, усюды распытваў i выпытваў пра тое, пра сёе, так што, жартуючы, нават казаў сам сабе: "Вось рака, якая многiмi звiвамi вяртаецца да сваiх вытокаў!" Бо яму карцела ведаць, што сталася з чалавекам за час, калi яго, Заратустры, не было: зрабiўся ён большы цi меншы. I аднаго разу ён угледзеў шэраг новых дамоў; ён здзiвiўся i сказаў:
"Што азначаюць гэтыя дамы? Далiбог, не была вялiкая тая душа, якая збудавала iх на сваё падабенства!
Цi не дурное дзiця дастала iх са скрынкi з цацкамi? Каб другое дзiця зноў iх схавала ў скрынку.
Гэтыя пакоi i каморкi: няўжо людзi ў iх уваходзяць i выходзяць назад? У iх жа толькi месца шаўкавiчным кукалкам або памаўзлiвым кошкам, якiя даюцца паласавацца i сабою".
I Заратустра спынiўся i задумаўся. Нарэшце ён журботна сказаў: "Усё тут здрабнела!
Усюды я бачу нiжэйшыя вароты; такi, як я яшчэ, бадай што, увойдзе ў iх, але мусiць угнуцца.
О, калi я зноў вярнуся на радзiму, дзе мне не трэба будзе нагiнацца, нагiнацца перад малымi!" - I Заратустра ўздыхнуў i паглядзеў удалеч.
I таго самага дня ён сказаў казань пра цноту, якая нiкчэмнiць.