2

2

I тады адбылося наступнае: Заратустра, здзiўлены такiмi дзёрзкiмi адказамi, кiнуўся да выхаду з пячоры i, павярнуўшыся да гасцей, усклiкнуў грамавым голасам:

"Ах вы, дурнi i блазны, усе вы, тут сабраныя! Няма чаго хавацца i прыкiдвацца перад мною!

Як трымцелi вашыя сэрцы ад шалу i захаплення, што вось нарэшце-такi вы зноў зрабiлiся, як малыя дзецi, - гэтакiя самыя пабожныя,

- што, нарэшце, вы зноў, як дзецi, пачалi малiцца, складваць ручкi i казаць: "Добры Божухна!"

Аднак пакiньце цяпер гэты, дзiцячы пакой - пячору маю, дзе сёння ўсё няцямнае адчувае сябе, як дома. Суймiце там, на паветры, ваш дзiцячы запал i хваляванне сэрца!

Вядома, калi не ўпадобнiцеся дзецям, дык не ўвайсцi вам у гэтае царства нябеснае. (I Заратустра паказаў рукою ўгору.)

Але мы не iмкнёмся ў тое нябеснае царства: мы зрабiлiся мужныя, мы зрабiлiся мужамi, i таму хочам царства зямнога".