16

16

"Хто многа вучыцца, той адвучваецца ад усякiх моцных жаданняў" - так шэпчуцца сёння на ўсiх цёмных вулiцах.

"Мудрасць стамляе, нiшто не акупляецца; ты не павiнен нiчога жадаць!" гэтую новую скрыжаль я знайшоў павешаную нават на кiрмашах.

Разбiце мне, о братове мае, разбiце мне i гэтую новую скрыжаль! Стомленыя ад свету, прапаведнiкi смерцi i турэмшчыкi павесiлi яе: ведайце, што iхняя пропаведзь - гэта пропаведзь рабства!

Бо кепска вучылiся яны, i нават не найлепшаму вучылiся, i ўсяму занадта рана, i ўсяму занадта спехам: бо дрэнна елi яны, i гэта сапсавала iм страўнiк;

- сапсаваны страўнiк - вось гэта i ёсць iхнi дух; гэта ён i наводзiць на думку пра смерць! Сапраўды, братове мае, дух ёсць страўнiк!

Жыццё - гэта крынiца радасцi: але ў кiм гаворыць сапсаваны страўнiк, той бацька смутку, таму ўсе крынiцы затручаныя.

Спазнаваць - гэта радасць таму, у каго iльвiная воля! А хто стамiўся, той слухаецца чужое волi, любая хваля кiдае яго.

Так бывае са слабымi: яны губляюцца на сваiх шляхах. I, нарэшце, iхняя стома пытаецца: навошта iшлi мы тымi шляхамi? Усюды адно i тое самае!"

Прыемна iм слухаць пропаведзь: "Нiчога не акупляецца! Вы не павiнны нiчога хацець!" Але гэта - пропаведзь рабства.

О братове мае, павевам свежага ветру iдзе Заратустра да ўсiх, хто стамiўся ў дарозе сваёй; шмат насоў ён яшчэ прымусiць чмыхаць!

Навошта праз сцены праходзiць маё свабоднае дыханне, у турмы, у запалонены розум праходзiць яно!

"Хацець" - вызваляе, бо хоча азначаць - "ствараць", - так вучу я. Толькi дзеля стваральнасцi вы павiнны вучыцца!

Але каб вучыцца, вы павiнны спярша навучыцца ў мяне, i навучыцца добра! Хто мае вушы, хай чуе!