2

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

2

Заратустра спусцiўся з гары, не сустрэўшы нiкога на дарозе. А калi ён заглыбiўся ў лес, перад iм нечакана паўстаў старац, якi пакiнуў свяшчэнны будан, каб пашукаць у лесе карэння. I сказаў старац да Заратустры такiя словы:

"Не чужы мне гэты вандроўнiк: некалькi гадоў таму назад ён праходзiў тут. Яго iмя - Заратустра; але ён перамянiўся.

Тады ты нёс свой попел у горы: няўжо сёння ты хочаш несцi агонь у далiны? Няўжо не баiшся кары, якая бывае падпальшчыку?

Так, Заратустра, я пазнаю. Чыстыя вочы ў яго, i на вуснах нiякай агiды. Цi не таму ён iдзе, як танцуе?

Заратустра перамянiўся, Заратустра здзяцiнеў, Заратустра - той, хто прачнуўся: чаго ж ты хочаш ад тых, якiя спяць?

Як у моры, жыў ты ў самотнасцi, i мора насiла цябе. Шкада! Табе зноў хочацца выйсцi на бераг? Шкада, табе хочацца зноў самому цягаць сваё цела?"

Адказаў Заратустра: "Я люблю людзей".

"А чаму, - сказаў святы, - пайшоў я ў лес i ў пустэльню? Цi не таму, што занадта любiў людзей?

Цяпер я люблю Бога: людзей я не люблю. Чалавек, я лiчу, дужа недасканалая штука. Любоў да людзей забiла б мяне".

Заратустра адказаў: "Што я казаў пра любоў! Я нясу людзям дарунак!"

"Не давай iм нiчога, - сказаў святы, - лепей вазьмi ў iх частку i нясi разам з iмi - гэтым найлепш iм спасобiш, калi толькi дагодзiш сабе!

I калi хочаш даць iм, дай хiба што мiласцiну, ды яшчэ зрабi так, каб папрасiлi яе!"

"Не, - адказаў Заратустра, - я не падаю. Не такi я бедны, каб даваць".

Святы пасмяяўся з Заратустры i сказаў: "Дык парупся, каб яны прынялi твае скарбы! Не давяраюць яны адлюднiкам i не вераць, што мы прыходзiм да iх дарыць.

Нашыя крокi гучаць iм на вулiцах надта самотна. I калi ўначы, лежачы ў ложках, задоўга да золку пачуюць яны, што iдзе чалавек, дык, мусiць, пытаюцца самыя ў сябе: "Куды гэтаму злодзею закарцела?"

Дык не iдзi да людзей, заставайся ў лесе! Лепш iдзi да звяроў! Чаму ты, як я, не хочаш быць мядзведзем сярод мядзведзяў, птушкай сярод птушак?"

"А што рабiць святому ў лесе?" - спытаўся Заратустра.

Святы адказаў: "Я складаю песнi i спяваю iх; калi складаю - смяюся, плачу i спяваю: так я слаўлю Бога.

Спевамi, плачам i смехам я слаўлю Бога, майго Бога. А якi ты нясеш дарунак?"

Пачуўшы гэтыя словы, Заратустра пакланiўся святому i сказаў: "Што я мог бы вам даць! Лепей дазвольце мне хутчэй сысцi адгэтуль, каб я нiчога не ўзяў у вас!" I так яны развiталiся, старац i мужчына, уподсмех, як дзецi малыя.

А калi Заратустра застаўся адзiн, ён сказаў свайму сэрцу: "Цi магчыма такое? Гэты святы старац у лесе яшчэ не чуў, што Бог памёр!"