10
10
Так сказаў Заратустра свайму сэрцу, а сонца стаяла ў зенiце; i тут паглядзеў ён угору, бо пачуў над сабою пранозлiвы птушыны крык. I што ж! Шырока кружляючы ў небе, лунаў арол i нёс змяю, але не так, як носяць здабычу: змяя абвiвалася вакол яго шыi, нiбы сяброўка.
"Гэта мае звяры! - сказаў Заратустра, рады ад шчырага сэрца. - Сама гордая жывёлiна пад сонцам i сама мудрая жывёлiна пад сонцам - выправiлiся ў дарогу.
Яны хацелi даведацца, цi жывы яшчэ Заратустра. А праўда, цi жывы яшчэ я?
Мне небяспечней сярод людзей, чым сярод звяроў, небяспечнымi сцежкамi ходзiць Заратустра. Няхай жа вядуць мяне звяры мае!" Сказаўшы гэта, згадаў ён словы святога старца ў лесе, уздыхнуў i прамовiў сэрцу свайму:
"Я хацеў бы стаць разумнейшым! О, калi б я стаў такi ж мудры, як мая змяя!
Але я немагчымага прагну: прашу гордасць сваю, каб яна заўсёды iшла з маёй мудрасцю разам.
I калi мая мудрасць пакiне мяне - а яна так любiць мяне пакiдаць, - хай тады ўжо i гордасць мая заадно з дурнотай адыдзе!"
Так пачаўся захад Заратустры.