1
1
Калi сярод матросаў пайшлi чуткi, што на караблi Заратустра, - бо разам з iм на карабель узышоў яшчэ адзiн чалавек са шчасных выспаў, - усiх разабрала цiкаўнасць, усе чагось чакалi. Але Заратустра маўчаў два днi, быў халодны i глухi ад смутку i не адказваў нi на позiркi, нi на пытаннi. А пад вечар другога дня прачнуўся яго слых, хоць ён па-ранейшаму маўчаў; а на гэтым караблi, якi прыплыў здалёк i меўся плысцi яшчэ далей, можна было пачуць пра многiя дзiвосы i небяспекi. А Заратустра быў сябар усiм, хто робiць далёкiя падарожжы i не можа жыць без рызыкi. I вось, пакуль ён прыслухоўваўся да гаворак, развязалiся аковы яго языка, i зламаўся лёд на сэрцы, i ён пачаў гаварыць так:
"Вам адважным шукальнiкам, даследчыкам i ўсiм, хто пад хiтрымi ветразямi iшоў у жудасць мора,
- вам, упiтым загадкамi, радым мiгатлiваму сумнiўнаму святлу, чые душы пад гукi жалеек iмкнуцца ўведаць падманлiвыя безданi,
- бо вы не хочаце нясмелай рукою намацваць нiтку; i там, дзе вы можаце адгадаць, вы ненавiдзiце рабiць высновы,
- вам толькi раскажу я загадку, якую бачыў я, - твор самотнiка.
Панура iшоў я нядаўна ў мярцвяна-бледных поцемках. Ужо не адно сонца зайшло для мяне.
Сцежка, якая ўпарта лезла сярод камянёў, незадаволеная, адзiнокая, - нi травы, нi кустоў абапал - горная сцежка храбусцела пад настырнасцю маiх ног.
Моўчкi ступаючы сярод насмешлiвага шабуршання дробнага камення, расцiраючы на пыл кожны, аб якi спатыкалася мая нага, я намагаўся падняцца ўгору.
Угору - насуперак духу, якi цягнуў мяне ўнiз, у прорву, насуперак Духу Цяжару - дэману i майму заклятаму ворагу.
Угору - хоць ён сядзеў на мне, паўкрот, паўтрус; кульгавы, ён i мяне спрабаваў зрабiць кульгавым; ён улiваў мне волава праз вушы ў мазгi - i думкi рабiлiся, быццам кроплi волава.
"О Заратустра, - пакеплiва шаптаў ён. - О камень мудрасцi! Ты высока падкiнуў сябе, але кожны кiнуты камень павiнен упасцi!
О Заратустра, камень мудрасцi, шпурнуты з прашчы, ты знiшчальнiк зорак! Як высока ты кiнуў сябе, але кожны кiнуты камень павiнен упасцi!
Прысуджаны да самога сябе i да самапабiвання камянямi: о Заратустра, высока падкiнуў ты камень, але ён упадзе на цябе!
I тут карлiк замоўк, i надоўга. Але ягонае маўчанне цiснула на мяне; i праўда, часам удвух бывае табе больш самотна, чым аднаму.
Я ўсё падымаўся, я падымаўся, я мроiў, я думаў; але ўсё цiснула мяне. Я быў падобны на хворага, стомленага цяжкiмi пакутамi, якога - ледзь толькi засне - будзiць яшчэ горшы сон.
Але ўва мне ёсць нешта, што я называю мужнасцю: яна заўсёды забiвала ўва мне маркоту. Гэта мужнасць змусiла мяне спынiцца i сказаць: "Карлiк! Цi ты! Цi я!"
Мужнасць - найменшы забойца, мужнасць, якая нападае: бо ў кожным нападзе гучыць урачыстая музыка.
А чалавек - сама мужны звер: дзякуючы гэтаму ён i перамог усiх астатнiх. Гучнай iгрою ён пераадолеў боль; а чалавечы ж боль - сама глыбокi.
Мужнасць - смертаносная, калi з ёю лунаць над безданню, а чалавек жа заўсёды на краi безданi! Хiба "бачыць" не азначае "бачыць бездань"?
Мужнасць - сама спраўны забойца: яна забiвае нават спагаду. А спагада найглыбейшая бездань: бо як глыбока сягае чалавечы позiрк у жыццё, гэтак жа глыбока сягае ён i ў спагаду.
Мужнасць - найлепшы забойца, мужнасць, якая нападае: i самую смерць яна забiвае, бо пытаецца: "Дык гэта было жыццё? Дарма! Яшчэ раз!"
Многа пераможных акордаў у гэтых словах. Хто мае вушы, хай чуе!"