Найцiшэйшая гадзiна
Найцiшэйшая гадзiна
"Што сталася са мною, сяброве мае? Вы бачыце, я - не ў гуморы, гнаны, слухаюся процi волi, гатовы iсцi - ах, iсцi ад вас!
Так, яшчэ раз мусiць Заратустра вярнуцца ў сваю самоту: але гэтым разам мядзведзь вельмi неахвотна вяртаецца ў бярлог.
Што сталася са мною? Хто мяне змушае на гэта? - О, гэтага вымагае мая гнеўная спадарыня, гэта яна гаварыла са мною; цi называў я вам яе iмя?
Учора ўвечары са мною гаварыла мая найцiшэйшая гадзiна: гэта iмя маёй жудаснай уладаркi. Гэта было так - бо я павiнен расказаць вам усё, каб угневалася ваша сэрца на мяне, хто так раптоўна развiтваецца з вамi!
Цi ведаеце вы спалох таго, хто засынае?.. Страх забiрае яго да кончыкаў пальцаў, бо зямля выходзiць у яго з-пад ног i пачынаецца сон.
Такую вось прыпавесць раскажу я вам. Учора, у сама цiхi час, у час вечаровай цiшынi, зямля вымкнулася ў мяне з-пад ног, i пачаўся сон.
Стрэлка пасунулася, гадзiннiк майго жыцця перавёў дух - я нiколi яшчэ не чуў такой цiшынi вакол сябе; дык вось, маё сэрца спалохалася.
I вось да мяне загаварыла без голасу: "Ты гэта ведаеш, Заратустра?"
I я закрычаў жахлiва да гэтага шэпту, i кроў адплыла з майго твару: але я маўчаў.
Тады зноў загаварыла мне без голасу: "Ты ведаеш гэта, Заратустра, але толькi не кажаш!.."
I я нарэшце адказаў, як зацяты: "Ведаю, ведаю, але казаць не хачу!"
I яна зноў безгалоса загаварыла са мною: "Ты не хочаш, Заратустра? Праўда? Не хавайся ў сваёй упартасцi!"
I я, плачучы i дрыжучы, як малое, казаў: "Ах, i праўда, я хацеў, але я не магу! Вызвалi мяне ад гэтага! Гэта мне не ў сiлу!"
I зноў яна сказала: "Пры чым тут ты, Заратустра! Скажы мне сваё слова i памры!"
Я адказаў ёй: "Ах, хiба ж гэта маё слова? Хто я такi? Я чакаю больш вартага: я не варты нават таго, каб загiнуць дзеля яго".
Тады яна зноў сказала безгалоса: "Пры чым тут ты? У табе яшчэ мала пакоры. У пакоры сама шорсткая скура".
I я адказаў: "Чаго толькi ўжо не вынесла скура маёй пакоры! Я жыву ля падножжа сваёй вышынi: якiя высокiя мае вяршынi? Нiхто яшчэ мне не сказаў гэтага. А мае далiны мне добра вядомыя".
I зноў бязгучна загаварыла цiшыня: "О Заратустра, хто павiнен рушыць горы, той дасць рух i далiнам, i нiзiнам.
Я адказаў: "Яшчэ нiводнай гары не зрушыла слова маё, i тое, што я казаў, не даходзiла да людзей. Так я пайшоў да людзей, але пакуль што не дайшоў да iх".
I зноў мне моўчкi сказала цiшыня: "што ты можаш ведаць пра гэта! Раса ападае на траву ў сама маўклiвы час ночы".
I я адказаў: "Яны кпiлi з мяне, калi я знайшоў сваю дарогу i пайшоў па ёй; праўда, мае ногi дрыжалi тады".
А яны сказалi: "Ты збiўся з дарогi, а цяпер яшчэ i з нагi!"
I зноў безгалоса сказала яна: "Што табе да кпiнаў! Ты той, хто развучыўся слухацца: цяпер ты павiнен загадваць!
Хiба ты не ведаеш, хто людзям сама патрэбны? Хто загадвае вялiкае.
Цяжка здзейснiць вялiкае: але яшчэ цяжэй загадаць яго.
Вось што самае-самае, што не даруецца: ты маеш уладу i не хочаш панаваць".
I я адказаў: "Мне бракуе голасу льва, каб загадваць".
I тады зноў, як бязгучны шэпт, яна сказала: "Словы, якiя прыносяць буру, сама цiхiя. Думкi, якiя прыходзяць галубiнымi лапкамi, кiруюць светам.
О Заратустра, ты павiнен быць ценем таго, што iдзе: так будзеш загадваць ты i, загадваючы, пойдзеш паперадзе".
I я адказаў: "Мне брыдка".
I зноў безгалоса сказала яна: "Ты яшчэ павiнен зрабiцца дзiцём i не саромецца.
Гонар юнацтва яшчэ ёсць у табе, позна ты стаў хлопцам; але хто хоча зрабiцца дзiцём, павiнен адолець i сваё юнацтва".
I я доўга вагаўся i дрыжаў i, нарэшце, сказаў тое самае, што i напачатку: "Я не хачу".
Тады вакол мяне выбухнуў смех. Гора мне! Як гэты смех рваў мае вантробы i кроiў сэрца!
I апошнi раз маўклiвы голас: "О Заратустра, паспелi твае плады, але сам ты яшчэ не паспеў, каб iх спажываць!
I таму табе зноў патрэбна самота: бо ты яшчэ павiнен даспець".
I зноў пачуўся смех, цяпер ужо ён аддаляўся ад мяне; потым вакол мяне стала цiха, стала як бы двайная цiшыня. А я ляжаў на зямлi, i пот лiўся з мяне.
Цяпер вы ўсе чулi: чаму я павiнен вярнуцца ў самоту. Я нiчога не ўтоiў ад вас, сяброве мае.
I ўсё гэта вы пачулi ад мяне, сама шчырага чалавека, - такiм я хачу застацца i далей!
О, сяброве мае! I яшчэ сёе-тое я мог бы сказаць вам; i яшчэ штосьцi я мог бы даць! Чаму ж не даю? Хiба я скупы?"
Калi Заратустра сказаў гэтыя словы, апанавала яго сiла вялiкае скрухi, бо блiзiлася разлука з сябрамi, i ён загаласiў; i нiхто не мог суцешыць яго. А ўначы ён пайшоў i пакiнуў сваiх сяброў.