Пра прапаведнiкаў смерцi

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Пра прапаведнiкаў смерцi

Ёсць прапаведнiкi смерцi, i на зямлi поўна людзей, якiм патрэбна пропаведзь агiды да жыцця.

Зямля кiшыць лiшнiмi, жыццё сапсавана процьмай жывых. О, калi б можна было абяцаннем "вечнага жыцця" вынадзiць iх з гэтага жыцця!

Прапаведнiкаў смерцi называюць "жоўтымi" або "чорнымi". А я хачу паказаць вам iх у iншых колерах.

Вось яны, гэтыя жахлiвыя, што носяць у сабе драпежнага звера i не маюць iншага выбару, акрамя пажады i самакатавання. Але i пажада iхняя - таксама самакатаванне.

Яны яшчэ нават не рабiлiся людзьмi, гэтыя жахлiвыя: няхай жа яны прапаведуюць агiду да жыцця i гiнуць самi!

Вось яны, сухотныя душою - толькi нарадзiлiся, а пачынаюць ужо памiраць i трызняць вучэннем пра стому i адмаўленне.

Яны вельмi хацелi б смерцi, дык давайце ж пахвалiм iх волю! Будзем асцярожныя, каб не ажывiць гэтых мерцвякоў i не пашкодзiць гэтыя жывыя трупы!

Яны сустракаюць хворага, альбо старога, альбо нябожчыка; i адразу кажуць: "жыццё абвергнута"!

Але абвергнуты толькi яны самыя i iхнiя вочы, якiя бачаць толькi аблiчча сутнага.

Глыбока запанураныя, прагныя да ўсяго дробнага i выпадковага, што цягне з сабою смерць, - так яны чакаюць яе, сцяўшы зубы.

Альбо яшчэ: хапаюцца за салодкае, кпяць са сваёй гарэзлiвасцi; трымаюцца за жыццё, як за саломiну, i кпяць, што трымаюцца за саломiну.

Iх мудрасць маўляе: "Дурань, хто жыве далей, але хто ж бо з нас не дурань! I ў гэтым - уся дурнота жыцця!"

"Жыццё - толькi пакута" - так кажуць iншыя i не хлусяць: дык жа дайце сабе клопату зрабiць так, каб вашае жыццё спынiлася! Пастарайцеся скончыць жыццё, якое для вас - пакута!

I хай такою будзе запаведзь вашае цноты: "Забi сябе сам! Украдзь сябе ў жыцця!"

"Салодкае пахацiнства - грэх, i так кажуць адны прапаведнiкi смерцi, дазвольце ж нам пайсцi i не рабiць дзяцей!"

"Нараджаць вельмi цяжка, - кажуць другiя, - ды i навошта? Нараджаюцца толькi няшчасныя!" Гэтыя таксама прапаведуюць смерць.

"Спагада патрэбная, - кажуць трэцiя, - забярыце ўсё, што я маю! Забярыце i мяне самога. Тым меней буду я прывязаны да жыцця!"

Калi б яны былi ў аснове спагадлiвыя, яны адвярнулi б ад жыцця сваiх блiзкiх. Быць злымi - вось што было б iх сапраўдным дабром.

Але яны хочуць выбавiцца ад жыцця; што iм да таго, што яны яшчэ мацней вяжуць сваiмi ланцугамi i дарункамi iншых людзей!

I нават вас, каму жыццё - гэта цяжкая праца i неспакой, хiба вас жыццё не стамiла? Хiба вы яшчэ не выспелi на пропаведзь смерцi?

Усе вы, каму па душы цяжкая праца i ўсё iмклiвае, новае, нязведнае, - вы самi сабе цяжкiя сталi; ваш iмпэт - гэта толькi ўцёкi ад сябе i жаданне забыцца.

Калi б вы болей верылi ў жыццё, вы менш аддавалiся б iмгненнасцi. Але занадта мала ў вас зместу, каб чакаць, i нават каб ленавацца!

Усюды чуюцца галасы прапаведнiкаў смерцi; i поўнiцца зямля людзьмi, якiм патрэбная пропаведзь смерцi.

Альбо "вечнага жыцця": мне ўсё адно - толькi б знiклi яны з улоння зямлi!

Так сказаў Заратустра.