Пра новых кумiраў

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Пра новых кумiраў

Сям-там яшчэ ёсць плямёны i народы, але не ў нас, братове мае; у нас ёсць дзяржавы.

Дзяржава? Што гэта такое? Дык вось, слухайце ж мяне цяпер, бо скажу я вам слова маё пра пагiбель народаў.

Дзяржаваю называецца сама халодная пачвара. Холадна хлусiць яна; i вось якая хлусня лезе з вуснаў яе: "Я, дзяржава, - гэта народ".

Гэта хлусня! Родапачынальнiкамi народаў былi творцы - яны надзялiлi вераю i любоўю сваiх супляменнiкаў: так яны служылi жыццю.

А тыя, што паставiлi пасткi на людзей i назвалi гэта дзяржавай, знiшчальнiкi: меч i сотню жаданняў навязалi яны ўсiм.

Там, дзе яшчэ ёсць народ, не разумее ён дзяржавы i ненавiдзiць яе як сурочлiвае вока i замах на правы i звычаi.

Такую азнаку даю вам я: у кожнага народа ёсць свая мова дабра i зла, i ў гэтым адзiн народ не разумее другога. Свая мова здабываецца кожным народам у спрадвечных правах i звычаях яго.

Але дзяржава хлусiць на ўсiх мовах дабра i зла; i ўсё, што яна кажа хлусня, i ўсё, што яна мае, - украдзена ёю.

Усё ў ёй - фальшывае; крадзенымi зубамi кусаецца яна, пачвара. Нават вантробы ў яе - фальшывыя.

Месiва моваў у разуменнi дабра i зла - гэтую азнаку я даю вам як азнаку дзяржавы. Сапраўды, цяга да пагiбелi - азнака гэтая! Сапраўды, яна клiча прапаведнiкаў смерцi!

Народзяцца многiя мноствы: лiшнiм i была прыдумана дзяржава!

Глядзiце, як надзiць яна гэтыя многiя мноствы! Як яна душыць iх, як жуе i перажоўвае!

"Няма на зямлi нiчога большага, чым я. Я - палец Божы, я - упарадковец" так рыкае пачвара. I не адны толькi даўгавухiя i блiзарукiя на каленях кленчаць!

О, нават вам, вялiкiя душы, нашэптвае пачвара сваю чорную хлусню! О, яна ўгадвае багатыя сэрцы, што ахвотна раздаюць сябе!

Яна ўгадвае i вас, пераможцы старога бога! Вы стамiлiся ў барацьбе, i цяпер сама стома вашая служыць новаму кумiру!

Героямi i тымi, хто сумленны, хацеў бы абставiць сябе гэты новы кумiр! Ахвотна грэецца на сонцы чыстага сумлення халодная пачвара.

Гэты новы кумiр усё вам гатовы аддаць, калi вы паклонiцеся яму: так ён купляе бляск цнотаў вашых i позiрк гордых вачэй.

Вамi хоча ён завабiць многiя мноствы! I вось прыдумана была пякельная штука - конь смерцi, якi бразгае збруяй боскiх пашанаў!

Праўда, смерць была вынаходлiвая для многiх мностваў, смерць, якая славiць сябе пад выглядам жыцця: сапраўды, неацэнная паслуга ўсiм прапаведнiкам смерцi!

Дзяржаваю называю я гэтага кумiра; дзяржаваю, дзе ўсе - i добрыя i благiя - упiваюцца атрутай; дзяржаваю, дзе ўсе - i добрыя i благiя - губляюць самiх сябе; дзяржаваю, дзе павольнае самазабойства ўсiх называецца "жыццём".

Зiрнiце ж на ўсiх гэтых лiшнiх! Яны крадуць творы вынаходцаў i скарбы мудрацоў: культурай называюць яны гэты крадзеж - i ўсё ў iх ператвараецца ў хваробы i нягоды!

Зiрнiце на гэтых лiшнiх! Яны ўвесь час хворыя, яны выблёўваюць сваю жоўць i называюць гэта газетай. Яны глытаюць адзiн аднаго i нiяк не могуць сябе стравiць.

Зiрнiце ж на гэтых лiшнiх! Яны грабуць багаццi i бяднеюць яшчэ больш. Яны, нямоглыя, прагнуць улады i, перш за ўсё, яе рычага - грошай!

Зiрнiце, як яны лезуць, гэтыя ўвiшныя малпы! Як караскаюцца адзiн цераз аднаго i зрываюцца ў смярдзючую прорву!

Туды, да трона iмкнуцца яны: у шаленстве сваiм яны думаюць, быццам на троне сядзiць шчасце! Часта бруд сядзiць на троне, а часта сам трон - на брудзе.

Шаленцы ўсе гэтыя, што караскаюцца, як малпы, кiдаюцца, быццам у гарачцы. Смуродам патыхае iхнi кумiр, гэтая халодная пачвара; смярдзяць i яны самыя ўсе разам, службiты iдала.

Братове мае, няўжо вы хочаце задыхнуцца ў смярдзючым чадзе з iх ненажэрных пашчаў? Бiце шыбы, выскоквайце на свабоду!

Уцякайце ад смуроду! Уцякайце ад iдалапаклонства лiшнiх людзей!

Уцякайце ад смуроду! Бяжыце ад чаднага дыму чалавечых ахвяр!

Зямля яшчэ i сёння свабодная для ўзвышаных душ. Яшчэ шмат вольных мясцiнаў для пустэльнiкаў i тых, хто самотны ўдвух; мясцiнаў, дзе веюць пахошчамi спакойныя моры.

Яшчэ адкрыты вялiкiм душам доступ да свабоднага жыцця. Сапраўды, мала чым авалодае той, хто валодае толькi малым: хвала беднасцi!

Толькi там, дзе канчаецца дзяржава, пачынаецца чалавек - не лiшнi чалавек: там гучыць песня таго, хто патрэбен, - адзiная i непаўторная.

Туды, дзе канчаецца дзяржава, - туды глядзiце, братове мае! Хiба не бачыце вы вясёлкi i мастоў, якiя вядуць да Звышчалавека?

Так сказаў Заратустра.