Пра ўкус змяi
Пра ўкус змяi
Аднаго разу ў спякотны дзень заснуў Заратустра пад смакоўнiцаю i прыкрыў рукамi свой твар. I вось - падпаўзла змяя i ўкусiла яго ў шыю так, што ён крыкнуў ад болю. Прыняўшы рукi з твару, ён убачыў гадзюку; а тая пазнала Заратустравы вочы, сумелася i ўжо хацела была адпаўзцi.
"О не, - сказаў Заратустра, - яшчэ не аддзячыўся я! Ты ў час разбудзiла мяне, яшчэ далёкая ў мяне дарога".
"Твая дарога ўжо недалёкая, - журботна адказала гадзюка, - мой яд забiвае".
Заратустра ўсмiхнуўся. "Калi гэта памiраў дракон ад змяiнага яду? запярэчыў ён. - Вазьмi ж свой яд назад! Ты не такая багатая, каб дарыць яго мне". Тады гадзюка абвiлася вакол яго шыi i злiзала з раны яго.
Калi Заратустра расказаў пра гэта сваiм вучням, яны спыталiся ў яго: "У чым жа, Заратустра, мараль тваёй прыпавесцi?" I ён адказаў так:
"Разбуральнiкам маралi называюць мяне добрыя i праведныя: мараль прыпавесцi амаральная.
Менавiта ж: калi ёсць у вас вораг, не плацiце яму за зло дабром, бо гэта пасаромiць яго. Наадварот, пераканайце яго, што ён зрабiў вам дабро.
Лепей разгневацца, чым пасаромiць! I мне не падабаецца, што вы гатовыя дабраслаўляць, калi вас праклiнаюць. Лепей таксама крыху праклясцi!
I калi спасцiгла вас вялiкая несправядлiвасць, адразу адкажыце на яе пяццю малымi! Агiдна глядзець на таго, каго несправядлiвасць гняце толькi аднаго.
Цi вядома вам гэта? Падзеленая несправядлiвасць - гэта ўжо напалову справядлiвасць. I толькi той павiнен браць на сябе несправядлiвасць, каму па сiле несцi яе!
Маленькая помста больш чалавечная за нiякую. I калi кара не ёсць гонар i права злачынцы, дык навошта мне вашыя кары.
Больш высакародна прызнаць сябе несправядлiвым, чым чапляцца за права сваё, асаблiва калi твая праўда. Але на гэта трэба быць удосталь багатым.
Я не трываю вашай халоднай справядлiвасцi, i з вачэй суддзi вашага глядзiць кат з халодным мечам.
Скажыце, дзе знайсцi тую справядлiвасць, якая ёсць любоў з вiдушчымi вачыма?
Дык прыдумайце ж мне такую любоў, якая панясе не толькi любую кару, але i любую вiну!
Прыдумайце такую справядлiвасць, якая апраўдвае ўсiх, акрамя тых, што судзяць!
Хочаце пачуць яшчэ i гэта? У таго, хто хоча быць справядлiвым да канца, нават хлусня ператвараецца ў чалавекалюбнасць.
Як жа зрабiцца справядлiвым да канца? Як аддаць кожнаму сваё! Мне будзе даволi, калi я аддам кожнаму маё.
I нарэшце, братове мае: сцеражыцеся ўнесправядлiвiцца да пустэльнiка! Як пустэльнiк можа забыць? Чым адплацiць!
Пустэльнiк падобны да глыбокага калодзежа. Лёгка кiнуць камень у яго; але пойдзе ён на дно - i скажыце, хто з вас захоча дастаць яго зноў?
Сцеражыцеся скрыўдзiць пустэльнiка. Але калi вы ўсё ж зрабiлi гэта, тады яшчэ i забiце яго!"
Так сказаў Заратустра.