Пра сябра

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Пра сябра

"Сам-насам з сабою, - думае адлюднiк, - гэта ўжо не адзiн, гэта ўжо зашмат. Заўсёды адзiн ды адзiн - гэта надоўга - два!"

"Я" i "Мяне" не знаюць меры ў гутарцы: як гэта вытрываць, калi б не было сябра?

Сябар адлюднiку - гэта заўсёды трэцi, гэта каранец, якi заважае гутарцы двух заглыбляцца.

Ах, як многа безданяў у адлюднiка. Вось чаму так палка прагне ён сябра i вышынi ягонай.

Нашая вера ў iншых выдае, у што б мы хацелi верыць у самiх сабе. Наша палкае жаданне здабыць сябра - гэта наш прадажнiк.

I часта праз каханне хочуць усяго толькi пераскочыць зайздрасць. I часта нападаюць i робяць сабе ворага толькi на тое, каб прыхаваць сваю слабасць.

"Будзь, прынамсi, маiм ворагам!" - кажа сапраўдная пачцiвасць, якая не адважваецца прасiць сяброўства.

Калi ты хочаш мець сябра, ты павiнен быць гатовы весцi за яго вайну; а каб весцi вайну, трэба ўмець быць ворагам.

У сваiм сябры трэба шанаваць яшчэ i ворага. Хiба можаш ты падысцi да свайго сябра, не падступiўшыся да яго?

Хай будзе твой сябар сама годным ворагам тваiм. Будзь сама блiзкi да сэрца ягонага, супрацiўляючыся яму.

Ты не хочаш перад сваiм сябрам насiць вопратку? Ты робiш гонар яму, паказваючыся такiм, якi ты ёсць? Але за гэта ён пасылае цябе к чорту!

Хто не маскуе сябе, той абурае: у вас аж столькi падстаў баяцца сваёй галiзны! Былi б вы багамi, тады вы саромелiся б сваёй вопраткi!

Не прыхарошвайся дзеля сябра, бо стралой i парывам да Звышчалавека маеш ты быць яму.

Цi глядзеў ты на сябра, калi ён спiць, каб убачыць, якi ён тады? Што такое твар твайго сябра? Гэта - сама твой твар, але ў грубым i недасканалым люстры.

Цi бачыў ты сябра свайго, калi ён спiць? Цi не спалохаўся ты яго выгляду? О, чалавек ёсць нешта такое, што трэба пераадолець.

Здагадвацца i ўмець маўчаць павiнен сябар: не ўсё ты павiнен хацець бачыць. Хай сон твой адкрые табе, што робiць твой сябар, калi чувае.

Хай здагадка твая будзе мiлажальная: даведайся спярша, цi хоча сябар твайго мiлажалю. Можа, ён любiць у табе цвёрды пагляд i позiрк вечнасцi.

Хай будзе твой мiлажаль да сябра схаваны пад моцнай абалонкай, на ёй ты павiнен скрышыць свае зубы. Тады спагада набудзе вытанчанасць i слодыч.

Цi стаў ты чыстым паветрам, хлебам i лекамi свайму сябру? Некаторыя не ўмеюць скiнуць з сябе ланцуг, аднак ратуюць сваiх сяброў.

Ты раб? Тады ты не можаш быць сябрам. Тыран? Тады ты не можаш мець сяброў.

Занадта доўга жылi ў жанчыне раб i тыран. Таму яна няздольная на сяброўства: яна ведае толькi каханне.

У яе каханнi заўсёды ёсць несправядлiвасць i слепата да ўсяго, чаго яна не любiць. Але i ў свядомым каханнi жанчыны ёсць i раптоўнасць, i маланка, i ноч побач з святлом.

Пакуль яшчэ жанчына няздольная на сяброўства. Жанчыны - усё яшчэ кошкi альбо птушкi. Альбо, у лепшым разе, каровы.

Пакуль яшчэ жанчына няздольная на сяброўства: але скажыце вы мне, мужчыны, хто з вас здольны?

О вашая беднасць, мужчыны, о скнарыстасць вашай душы! Тое, што вы даяце сябру, я даю кожнаму свайму ворагу, але ж не раблюся бяднейшы.

Ёсць таварыскасць: хай будзе i сяброўства!

Так сказаў Заратустра.