Пра вайну i ваяроў
Пра вайну i ваяроў
Ад сама годных сярод ворагаў нашых мы не хочам лiтасцi, а таксама i ад тых, каго мы любiм да глыбiнi душы. Дык жа дазвольце мне сказаць шчырую праўду!
Браты мае па вайне! Я вас люблю ад усяго сэрца; я заўсёды быў адзiн з вас, i цяпер я такi самы. I я - сама годны з вашых ворагаў. Дык жа дазвольце мне сказаць вам шчырую праўду!
Я ведаю нянавiсць i зайздрасць вашага сэрца. Вы не настолькi вялiкiя, каб не ведаць нянавiсцi i зайздрасцi. Няхай жа ў вас будзе досыць велiчы, каб не было брыдка за самiх сябе!
I калi вы не можаце быць апосталамi пазнання, дык будзьце, прынамсi, ваярамi яго. Бо яны - спадарожнiкi i прадвеснiкi апосталаў.
Я бачу безлiч салдатаў - хацелася б пабачыць безлiч ваяроў! Я бачу салдатаў, аднолькава абмундзiраваных: тое, што яны на сабе носяць, называецца ўнiформай. Хай жа не будзе гэтакi аднастайны змест пад iх унiформай!
Будзьце такiя, як тыя, чыё вока заўсёды цiкуе за ворагам - iхнiм ворагам. Не кожны бо з вас здольны ненавiдзець з першага позiрку.
Свайго ворага вы павiнны шукаць, змагацца на сваёй вайне, за свае перакананнi! Калi ж вашыя перакананнi будуць разбiтыя, няхай вернасць ваша адсвяткуе сваю перамогу!
Любiце мiр як сродак да новай вайны. I мiр кароткi любiце мацней за доўгi.
Не да працы заклiкаю я вас, а да змагання; не да мiру, а да перамогi. Хай будзе праца ваша - змаганне, а мiр ваш - перамога!
Вы кажаце, добрая мэта асвячае нават вайну? А я кажу вам: толькi дабро вайны асвячае ўсякую мэту.
Вайна i мужнасць стварылi больш вялiкае, чым любоў да блiзкага. Не спагада, а адвага ваша ратавала дагэтуль няшчасных.
"Што такое дабро?" - пытаецеся. Дабро - гэта адвага. Хай малыя дзяўчаткi кажуць: "Дабро - гэта тое, што прыгожае i разам з тым кранальнае".
Вас называюць бессардэчнымi: але сэрца ваша шчырае, i я люблю сарамяжлiвасць вашай сардэчнасцi. Вы саромеецеся прылiву чуллiвасцi, iншыя саромеюцца адлiву яе.
Вы брыдкiя? Ну што ж, братове мае! Ахiнiцеся ўзвышаным, апранiцеся ў мантыю брыдкага!
I калi душа ваша робiцца велiчнай, яна робiцца пагардлiвай, i сама яе ўзнёсласць тоiць у сабе лiхату. Я ведаю вас.
У лiхаце сустракаецца пагардлiвец з бяссiльцам. Але яны не разумеюць адзiн аднаго. Я ведаю вас.
Вы павiнны мець толькi ворагаў, вартых нянавiсцi, а не ворагаў дзеля пагарды. Вы павiнны ганарыцца сваiмi ворагамi: тады толькi поспехi вашых ворагаў будуць вашымi поспехамi.
Паўстанне - гэта слушнасць рабоў. Хай будзе вашай слушнасцю паслушэнства! А кожны ваш загад - гатоўнасцю.
Кожнаму добраму ваяру "ты павiнен" гучыць прыемней, чым "я хачу". I ўсё тое, да чаго схiльнае сэрца ваша, павiнна быць спачатку загадана вам.
Хай будзе ваша любоў да жыцця любоўю да найвышэйшай надзеi: а гэтай надзеяй хай зробiцца найвышэйшае ваша перакананне!
Але i яго вы павiнны атрымаць ад мяне як загад - ён такi: чалавек ёсць нешта, што трэба пераадолець.
Дык жывiце жыццём паслушэнства i вайны! Якi сэнс у доўгiм жыццi! Якi ваяр хоча лiтасцi!
Я не лiтую вас, я люблю вас усiм сэрцам, мае супольнiкi па вайне!..
Так сказаў Заратустра.