3

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

3

Сказаўшы гэта, Заратустра змоўк, як чалавек, якi яшчэ не сказаў апошняга слова; доўга нерашуча пакручваў ён сваiм кiем. Нарэшце сказаў, i голас ягоны перамянiўся:

"Адзiн пайду я цяпер, вучнi мае! Iдзiце i вы, i таксама адныя! Так хачу я.

Сапраўды, я вас заклiкаю: iдзiце ад мяне i супрацiўляйцеся Заратустру! А яшчэ лепей - саромейцеся яго! Бо, можа, ён ашукваў вас.

Чалавек пазнання павiнен не толькi любiць ворагаў сваiх, але i ўмець ненавiдзець сяброў.

Благая аддзяка настаўнiку, калi вучнi ягоныя так i застаюцца вучнямi. I чаму вы не хочаце абскубцi вянок мой?

Вы шануеце мяне; што, калi раптам зруйнуецца вашая шаноўля? Пiльнуйцеся, каб слуп з iдалам не забiў вас!

Вы кажаце, што верыце ў Заратустру? Але што ў тым Заратустры? Вы вернiкi мае - але што з тых усiх вернiкаў?

Вы яшчэ не шукалi сябе - а ўжо здабылi мяне. Так бывае з усiмi вернiкамi; i таму так мала значыць любая вера.

Цяпер я заклiкаю вас пакiнуць мяне i знайсцi сябе; i толькi тады, калi вы адкiнеце мяне, я вярнуся да вас.

Сапраўды, братове мае, iначай шукацьмуць вас, страчаных мною, мае вочы; iншай любоўю тады любiцьму я вас.

I ў свой час вы павiнны будзеце стацца сябрамi маiмi i дзецьмi адной надзеi; тады буду я з вамi трэцi раз, каб адсвяткаваць Вялiкi Полудзень з вамi.

Вялiкi Полудзень - гэта калi чалавек на паўдарозе ад жывёлы да Звышчалавека святкуе пачатак свайго вечара як сваю найвышэйшую надзею; бо гэта ёсць дарога да новай ранiцы.

I тады дабрасловiць сябе той, хто гiне, хто iдзе дарогай захаду, бо так пераходзiць ён да таго, што па той бок; i сонца яго пазнання будзе ў зенiце.

"Памерлi ўсе багi; сёння мы хочам, каб жыў Звышчалавек", - хай гэта будзе ў Вялiкi Полудзень наша апошняя воля!.."

Так сказаў Заратустра.