7

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

7

Тым часам звечарэла, i рыначны пляц агарнула цемра; ужо разышоўся натоўп, бо нават цiкаўнасць i страх стамляюцца. А Заратустра ўсё сядзеў на зямлi каля мёртвага, занураны ў свае думкi, так што забыўся нават пра час. Нарэшце набегла ноч, i халодны вецер пачаў даймаць самотнiка. Тады Заратустра ўстаў i сказаў свайму сэрцу:

"Праўда, добрыя ловы былi ў Заратустры сёння! Нiводнага чалавека не ўлавiў ён, вось толькi мёртвага.

Жудаснае жыццё ў чалавека, i, як заўсёды, - без сэнсу: на долю яму выпадае блазенства.

Я хачу вучыць людзей сэнсу жыцця: сэнс ёсць Звышчалавек, маланка з чорнай хмары-чалавека.

Але яшчэ я далёкi ад iх, i думка мая iхняга глузду не дастае. У людзей я яшчэ нешта сярэдняе памiж дурнем i трупам.

Цёмная ноч, цёмныя дарогi ў Заратустры. Хадзем, астылы i нерухомы таварышу мой! Я занясу цябе туды, дзе сам i пахаваю".