На досвiтку
На досвiтку
"О неба нада мною, о Чыстае! Глыбокае! О Бездань святла! Сузiраючы цябе, я трымчу ад боскiх жаданняў.
Кiнуцца ў тваю вышыню - гэта мая глыбiня! Схавацца ў тваю чысцiню - гэта мая нявiннасць!
Бога хавае яго прыгажосць: так ты хаваеш свае зоркi. Ты маўчыш: так ты мне абвяшчаеш сваю мудрасць.
Маўклiва раскiнулася ты над бурлiвым морам; любоў твая i сарамяжлiвасць звеставанне маёй душы.
Ты прыйшло да мяне, прыгожае, схаванае ў сваёй прыгажосцi, маўклiвасцю гаворыш ты мне, адкрываеш сваю мудрасць.
О, як мне разгледзець усю сарамлiвасць тваёй душы! На досвiтку адкрылася ты мне, самотнiку.
Мы здавён з табою сябры: i смутак, i сум, i аснова наша - усё супольнае ў нас, нават сонца. Мы не гаворым з табою, бо ведаем надта многа: моўчкi, усмешкамi перадаём мы адно аднаму нашыя веды.
Цi не святло ты ад майго полымя? Твая душа - цi не сястра майму розуму?
Мы вучылiся разам; разам вучылiся падымацца над сабою да самiх сябе i бясхмарна ўсмiхацца:
- усмiхацца з бясконцай далечы, светлымi вачыма, калi пад намi, быццам дождж, клубяцца Гвалт, Мэта i Вiна.
I калi я бадзяўся адзiнокi: чаго прагнула душа мая на сцежках аблуды? I калi падымаўся ў горы, каго, як не цябе, я шукаў там?
I ўсе мае бадзяннi i ўзыходжаннi - яны былi толькi вымушанасцю i дапамогаю няўмеку: мая воля хоча толькi ляцець, ляцець у цябе, у твае неабсягi!
Што ненавiдзеў я больш за павольна-коўзкiя воблакi, за ўсё, што цябе засмучала? I сваю нянавiсць ненавiдзеў, бо яна засмучала цябе!
Я ненавiджу павольна-коўзкiя воблакi, гэтых скрадлiва-драпежных катоў: яны забiраюць у цябе i ў мяне тое, што ў нас супольнае - нiчым не абмежаванае, бясконцае сцверджанне i дабраславенне.
Павольна-коўзкiя воблакi - мы ненавiдзiм гэтых пасяброўцаў i ўмяшанцаў, гэтых палавiннiкаў, якiя не навучылiся нi дабраслаўляць, нi праклiнаць ад паўнаты сэрца.
Лепей ужо не бачыць неба i сядзець у бочцы, лепей пазбавiць сябе неба, знемагаючы ў прорве, чым цябе, святло нябеснае, бачыць запамрочанае коўзкiмi воблакамi!
I мне часта хацелася змацаваць iх калючым дротам маланак, каб громам бiць, як у лiтаўры, па iх напучаным жываце: я - угневаны барабаншчык, бо яны ж адбiраюць у мяне тваё сцверджанне i дабраславенне, о неба, чыстае неба па-над мною! О бездань святла! - бо яны адбiраюць у мяне маё сцверджанне i дабраславенне.
Бо мне лепей хай шум i грукат i праклёны непагоды, чым абачлiвая, сумнiўная кашэчая спакайната; i сярод людзей найболей ненавiджу такiх вось скрадлiвых, палавiнiстых, няпэўных i марудлiвых, як гэтыя коўзкiя воблакi.
I "хто не ўмее дабраслаўляць, павiнен вучыцца праклiнаць!" - гэтае светлае настаўленне ўпала мне з яснага неба, гэта зорка нават у сама цёмныя ночы стаiць на маiм небе.
А сам я - дабраслаўляю i сцвярджаю, калi толькi ты нада мною, чыстае, яснае неба, бездань святла! Тады ва ўсе безданi панясу я святое сцверджанне маё.
Я стаў тым, хто дабраслаўляе i сцвярджае: дзеля гэтага я зрабiўся змагаром i змагаўся так доўга, каб вызвалiць калi-небудзь рукi на дабраславенне.
I вось маё дабраславенне - быць над кожнай рэччу яе круглым дахам, яе блакiтным звонам, яе вечным спакоем; шчасны, хто так дабраслаўляе!
Бо ўсе рэчы ахрышчаны ў крынiцы вечнасцi i па той бок дабра i зла; а дабро i зло - гэта толькi iмклiвыя ценi, вiльготны сум, коўзкiя воблакi.
Праўда, гэта дабраславенне, а не кляцьба, калi я вучу: "Над усiмi рэчамi высiцца неба-выпадковасць, неба-нявiннасць, неба-непрадказальнасць, неба-весялосць".
"Выпадковасць" - гэта сама старая арыстакратыя свету, я вярнуў яе ўсiм рэчам, я вызвалiў iх ад падначалення мэце.
Гэтую свабоду i бясхмарнасць неба я паставiў, як блакiтны звон, над усiмi рэчамi, калi вучыў, што нi пад iмi, нi праз iх не выяўляе сябе нiякая "вечная воля".
Гэтую дзёрзкую весялосць i блазнаванне я паставiў на месца той волi, калi вучыў: "Адно немагчымае ва ўсiх рэчах - разумнасць!"
Хоць крыху розуму - насенне мудрасцi, рассеянае ад зоркi да зоркi - гэтая закваска дамяшаная да ўсiх рэчаў: да блазнавання дамяшаная мудрасць рэчаў!
Крыху мудрасцi - гэта ўжо магчыма; але вось якую шчасную ўпэўненасць знаходзiў я ва ўсiх рэчах: яны любяць скакаць на нагах выпадку.
О яснае i высокае неба па-нада мною! У тым якраз ад сёння твая чысцiня мне, што больш няма вечнага павука-розуму i ягонай павуцiны:
- што ты - месца пад скокi боскiх выпадковасцяў, што ты - стол божышчаў, на якiм божыя гульцы кiдаюць гульнёвыя косцi.
Ты чырванееш? Хiба я сказаў, чаго не след было? Альбо хочучы дабраславiць, сказаў якi кленiч?
Альбо сорам - быць удвух - увагнаў цябе ў чырвань? Ты кажаш мне змоўкнуць i сысцi, бо вось - блiзiцца дзень?
Свет глыбокi, i ён глыбейшы, чым гэта калi думалася дню. Не ўсё асмельваецца гаварыць перад аблiччам дня. Але дзень блiзiцца, i мы развiтаемся!.."
Так сказаў Заратустра.