Той, хто ацаляе

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Той, хто ацаляе

1

Аднае ранiцы, неўзабаве пасля вяртання ў пячору, Заратустра як апантаны, падхапiўся са свайго ложка, крыкнуў страшным голасам i ўстаў над ложкам з такiм выглядам, быццам нехта ляжаў на iм i не хацеў уставаць; i так гучаў Заратустраў голас, што ягоныя звяры, спалохаўшыся, пазбягалiся да яго, а з усiх нораў i шчылiн, што былi непадалёк ад Заратустравай пячоры, усе жывёлы кiнулiся хто куды - ляцелi, беглi, паўзлi, - гледзячы па тым, што ў iх было ногi цi крылы. А Заратустра сказаў такiя словы:

"Падымайся, прадонная думка, выходзь з маёй глыбiнi! Я - свiтанак i твой ранiшнi певень, уставай, заспаны чарвяк, падымайся! Даўно пара табе прачнуцца ад майго голасу!

Развяжы повязi свайго слыху: слухай! Бо i я хачу цябе слухаць! Падымайся! Тут хапае грому, каб i магiлы пачулi!

I сатры сон, i слепату, i тупасць з вачэй! I слухай мяне нават вачыма: бо мой голас ацаляе нават тых, што нарадзiлiся сляпыя.

А прачнуўшыся - чувай вечна: не такi я, каб, разбудзiўшы прабабку, сказаць ёй: "Спi далей!"

Вось ты варушышся, пацягваешся, крэкчаш? Уставай! Не крактаць павiнна ты, а гаварыць! Цябе клiча бязбожнiк Заратустра!

Я, Заратустра, абаронца жыцця, абаронца цярпенняў, абаронца кола - я клiчу цябе, мая прадонная думка!

О, здароўя мне! Ты iдзеш, я чую цябе! Бездань мая кажа, сваю апошнюю глыбiню выставiў я на святло!

Здароўя мне! Прыходзь! Прыходзь! Падай мне руку - ха! пусцi! ха-ха! мярзота, мярзота, мярзота - гора мне!"