Пра пагарднiкаў цела
Пра пагарднiкаў цела
Пагарднiкам цела хачу я сказаць сваё слова. Не павiнны яны нi перавучвацца самi, нi перавучваць другiх, хай толькi разлучацца з целам - i гэтак стануць нямыя.
"Я - цела i душа", - кажа дзiця. I чаму ўсе не гавораць, як дзецi?
Але той, хто прачнуўся i спазнаў, кажа: я - толькi цела, i не болей таго; а душа - толькi слова, якое азначае нешта ў целе.
Цела - гэта вялiкi розум, вялiкае мноства з адной свядомасцю, вайна i мiр, статак i пастух.
Прыладай твайму целу служыць i маленькi розум, якi ты называеш "духам", мой браце, ён - толькi прылада i цацка твайго вялiкага розуму - цела.
Я, - кажаш ты з гонарам за гэта слова. Але важнейшае, хоць ты i не хочаш у гэта паверыць, шмат важнейшае тваё цела i яго вялiкi розум; яно не кажа "Я", яно творыць яго.
Усё, што адчувае пачуццё, што спазнае дух, нiколi не мае ў сабе свайго канца. Але пачуццё i дух хочуць давесцi табе, што яны - канец усiх рэчаў: так яны любяць славу.
Пачуццё i дух - толькi прылады i цацкi: за iмi крыецца Самасць. Самасць шукае вачыма пачуццяў i слухае вушамi духу.
Самасць заўсёды слухае i шукае: яна параўноўвае, падпарадкоўвае, заваёўвае i разбурае. Яна пануе i загадвае нават твайму "Я".
За думкамi i пачуццямi тваiмi, браце мой, стаiць магутны валадар, невядомы мудрэц - Самасць яго iмя. У тваiм целе жыве ён, ён i ёсць тваё цела.
У цела больш розуму, чым у тваёй найвышэйшай мудрасцi. I хто ведае, навошта ўвогуле патрэбна целу твая найвышэйшая мудрасць?
Твая Самасць смяецца з твайго Я i яго гордых падскокаў. "Што мне тыя выдыганнi i ўзлёты думкi? - кажа яна сабе. - Бакавая дарога да маёй мэты. Я толькi шлейка майму "Я", i ўдыхаю ў яго ягоныя паняццi.
Самасць умаўляе "Я": "тут адчувай радасць!" I "Я" радуецца i думае, як яму скаштаваць гэтай радасцi, - яно ж i павiнна так думаць.
Пагарднiкам цела хачу я сказаць сваё слова. З пашаны ўзнiкла iхняя пагарда. Што ж гэта такое, што стварае пагарду i пашану, каштоўнасць i волю?
Творчая Самасць стварыла сабе пагарду i пашану, гэта яна - творца радасцi й смутку. Творчае цела зрабiла сабе розум як прыладу сваёй волi.
Нават у дурасцi i ў пагардзе вы, пагарднiкi цела, служыце Самасцi. Я кажу вам: вашая Самасць хоча памерцi i адварочваецца ад жыцця.
Яна ўжо не можа рабiць таго, да чаго найболей iмкнецца, - тварыць звыш сябе. Гэтага яна хоча найболей, i ў гэтым яе найбольшае жаданне.
Аднак ёй ужо позна iмкнуцца да гэтага: i вось - Самасць прагне пагiбелi.
Вашая Самасць жадае смерцi - таму i аддалi вы цела пагардзе! Бо вы ўжо не можаце тварыць звыш сябе.
Вось чаму абураецеся вы на жыццё i на зямлю. Неўсвядомленая зайздрасць хаваецца ў косым позiрку вашай пагарды.
Не, не пайду я па вашай дарозе, вы, пагарднiкi цела! Вы мне не кладка да Звышчалавека!
Так сказаў Заратустра.