2

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

2

Тут Заратустра прымоўк на хвiлiну i любоўна зiрнуў на вучняў. Пасля казаў далей, i ў голасе перамянiўся:

"Заставайцеся верныя зямлi, братове мае, з усёй уладаю вашае цноты! Ваша любоў, якая дорыць, i ваша пазнанне, хай паслужацца яны сэнсу зямлi! Так прашу я i заклiнаю вас.

Не дазваляйце цноце вашай адляцець ад зямнога i бiцца крыламi аб вечныя сцены! О, як шмат цноты адляцела заўчасна!

Вярнiце - як зрабiў гэта я, - вярнiце адляцелую цноту назад, на зямлю, зноў да цела i жыцця: хай аддае яна зямлi свой сэнс, сэнс чалавечы!

Сотнi разоў ляцелi ўпрочкi i збiвалiся з тропу дух i цнота. I дагэтуль жывуць у нашым целе ўсе гэтыя мроi i аблуды: яны сталiся нашай воляй i плоццю.

Сотнi разоў манiлiся вырвацца i памылялiся дух i цнота. Праўда, якраз чалавек i быў iх спробаю вырвацца! О, колькi невуцтва i аблудаў сталася ў нас плоццю!

Не толькi розум тысячагоддзяў, але i iхняя неразумнасць выяўляюцца ў нас. Небяспечна быць спадчынай.

Iдучы крок за крокам, мы змагаемся з волатам-выпадкам, i над чалавецтвам да сённяга яшчэ навiсае неразумнасць i бязглуздасць.

Хай паслужацца вашыя дух i цнота зямлi, братове мае: хай будзе каштоўнасць усiх рэчаў зноў устаноўлена вамi! Дзеля гэтага павiнны вы змагацца. Дзеля гэтага - ствараць!

Спазнаючы - ачышчаецца цела; набываючы вопыт ведання, узвышаецца яно; у спазнаўца ачышчаюцца ўсе яго памкненнi; душа радуецца ў таго, хто ўзвысiўся.

Лекар, ацалi сябе сам, тады вылечыш ты i свайго хворага. Найлепшым ацаленнем яму будзе, калi ён на свае вочы ўгледзiць таго, хто сам сябе ацалiў.

Ёсць тысячы сцежак, якiмi нiхто яшчэ не хадзiў, i тысячы здароўяў i схаваных выспаў жыцця. Яшчэ не адкрытыя i не даследаваныя чалавек i яго зямля.

Чувайце i слухайце, самотнiкi! Таямнiчыя вятры веюць на крылах будучынi; i да чуйнага вуха далятае добрая вестка.

Вы, сённяшнiя самотнiкi, вы, што адлюднiлiся, вы яшчэ станеце народам: ад вас, што выбралi самi сябе, павiнен пайсцi народ выбраны, а ад яго Звышчалавек.

Сапраўды, зямля яшчэ будзе мясцiнай ацалення! I ўжо веюць вакол вас новыя пахошчы, якiя нясуць ацаленне - i новую надзею!"