ТРЭЦЯЯ ЧАСТКА

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

ТРЭЦЯЯ ЧАСТКА

"Вы гледзiце ўгору, калi прагнеце вышынi. А я гляджу ўнiз, бо я ўзвысiўся. Хто з вас можа смяяцца i быць узвышаным? Хто падняўся на сама высокiя горы, той смяецца з усякай трагедыi - i на сцэне, i на яве".

Заратустра. Пра чытанне i пiсанне

Вандроўнiк

Было апоўначы, калi Заратустра выправiўся ў дарогу праз горны хрыбет, каб ранiцай выйсцi на другi бераг вострава, дзе ён меўся сесцi на карабель. Там якраз была добрая гавань, у якой станавiлiся на якар нават чужаземныя караблi; яны бралi на борт тых, хто хацеў плысцi за мора са шчасных выспаў. I вось, калi Заратустра падымаўся ў горы, ён успамiнаў дарогаю многiя самотныя вандроўкi сваёй маладосцi i як многа горных вяршынь i хрыбтоў ён ужо адолеў.

"Я вандроўнiк, якi ўвесь час падымаецца ў горы, - сказаў ён сэрцу свайму, - я не люблю раўнiн i, здаецца, не магу заседжвацца ў цiшы.

I што б мне цяпер нi падкiнула доля яшчэ перажыць, - ва ўсiм гэтым будзе вандраванне i адольванне гор: зрэшты, чалавек адольвае толькi самога сябе i жыве тым, што ў яго ўсярэдзiне.

Мiнуў той час, калi выпадковасцi яшчэ траплялiся на маёй дарозе; што ж такога яшчэ можа сустрэцца цяпер, каб яно не было часткаю мяне i маiм здабыткам!

Толькi ж вяртаецца, у мяне самога, нарэшце, вяртаюцца мая Самасць i тыя часткi яе, што доўга былi на чужыне, раскiданыя сярод многiх рэчаў i выпадковасцяў.

I яшчэ адно я ведаю добра: сёння я стаю перад маёй сама апошняй вяршыняй i перад тым, што даўно было мне наканавана. О, мне выпала ступiць на сама цяжкую дарогу! Я пачаў сваё сама самотнае вандраванне!

А хто падобны да мяне, не пазбегне гэтай хвiлiны, хвiлiны, якая скажа яму: цяпер толькi ты выходзiш на дарогу велiчы! Вяршыня i прорва - цяпер яны злiлiся ў адно!

Ты iдзеш па сваёй дарозе велiчы: тваiм апошнiм сховiшчам зрабiлася тое, што дагэтуль называлася тваёй апошняй небяспекай.

Ты iдзеш па сваёй дарозе велiчы: цяпер сама лепшай мужнасцю няхай стане веданне: за табою больш нiякай дарогi няма!

Ты iдзеш па сваёй дарозе велiчы; i тут нiхто не можа красцiся па тваiм следзе! Твае ж ногi самi сцiраюць за табою дарогу i напiсана пад ёю: Немагчымасць.

I калi ў цябе больш няма нiякай лесвiцы, навучыся залазiць сабе на галаву: як яшчэ iнакш табе падняцца вышэй!

На сваю галаву i далей праз сваё ж сэрца! Цяпер сама пяшчотнае ў табе павiнна зрабiцца сама жорсткiм.

Хто залiшне ашчаджае самога сябе, той хварэе ад гэтага! Слава ўсяму, што гартуе! Я не слаўлю зямлю, дзе цячэ толькi алей i мёд!

Трэба навучыцца глядзець ад сябе, каб бачыць многае: гэтая цвёрдасць патрэбна кожнаму, хто падымаецца ў горы.

А хто занадта настырным вокам шукае спазнання, не бачыць нiчога вакол сябе, акрамя паверхнi ўбачанага!

А ты, Заратустра, хочаш разгледзець аснову ўсiх рэчаў i падаснову iх: i таму ты павiнен падняцца нават вышэй за сябе, - далей i вышэй, пакуль самi зоркi не будуць пад табою!

Так! Глядзець унiз на самога сябе i на свае зоркi: толькi гэта я называю вяршыняй, толькi гэта яшчэ застаецца маёй апошняй вяршыняй!"

Так казаў сабе Заратустра, узыходзячы ў горы i суцяшаючы сабе сэрца такiмi выслоўямi: бо маркоцiлася сэрца, як нiколi раней. I калi ён падняўся на вяршыню хрыбта, перад iм адкрылася новае мора; ён спынiўся i доўга маўчаў. Ноч на гэтай вышынi была зольная, ясная i зорная.

"Я пазнаю свой лёс, - сказаў ён нарэшце журботна. - Дарма! Я гатовы. Вось i пачалося маё апошняе асамотненне.

Ах, гэтае чорнае жалобнае мора пада мною! Ах, гэтая цяжарная начная спрыкраласць! Ах, лёс i мора! Да вас я павiнен цяпер спусцiцца!

Я стаю перад маёй сама высокай гарою i перада мною мая сама доўгая вандроўка: таму мне i трэба спусцiцца глыбей, чым калi раней: - глыбей, чым калi раней, павiнен я заглыбiцца ў цярпеннi, у сама цёмны iх паток! Так хоча мой лёс: дарма! Я гатовы.

Адкуль узялiся высачэзныя горы? - калiсьцi пытаўся я сам у сябе. I вось даведаўся я, што яны падымаюцца з мора.

Сведчаннi пра гэта запiсаны на вяршынях i скалах. З самых глыбiняў павiнна ўзыходзiць найвышэйшае да вышыняў сваiх...

Так казаў Заратустра на вяршынi гары, дзе было холадна; але калi ён падышоў да мора i спынiўся самотны сярод скал, агарнула яго млосць i яшчэ большая маркота, чым раней.

Усё яшчэ спiць, - сказаў ён, - спiць i мора. Дрымотна i адчужана глядзiць на мяне яго вока.

Але яно дыхае цяплом, i я ведаю: яно мроiць, яно снiць свой сон на цвёрдых каменных падушках.

Паслухай! Паслухай! Як яно стогне ад цяжкiх успамiнаў! Альбо ад злавесных прадчуванняў?

Ах, я смуткую разам з табою, цёмная пачварына, ад перажыванняў за цябе я гневаюся на сябе.

Ах, чаму не стае моцы маёй руцэ! Як ахвотна я выбавiў бы цябе ад лiхiх мрояў!.."

I, сказаўшы гэта, Заратустра горка засмяяўся з самога сябе.

"Што, Заратустра! - сказаў ён. - Ты яшчэ i мору хочаш спець песню суцяшэння?

О, ты поўны любаснай мiлаты дурань, Заратустра, поўны дабрашчаснага даверу! Але ты заўсёды быў такi: з даверам заўсёды падыходзiў да ўсяго вусцiшнага.

Усiх пачвараў хацелася табе аблашчыць. Цёплае дыханне, крыху мяккай поўсцi на лапах - i ты ўжо гатовы любоўна павабiць яе да сябе.

Любоў - небяспека самотнiку, любоў да ўсяго, калi яно толькi жывое! Праўда ж, смешная мая дурнота i мая сцiпласць у любовi!.."

Так сказаў Заратустра i зноў засмяяўся; але тут ён згадаў сваiх пакiнутых сяброў i, нiбыта ў думках звiнавацiўшыся перад iмi, угневаўся на сябе за такiя думкi. I яшчэ ў смеху заплакаў: ад гневу i маркоты горка плакаў Заратустра.