Пра славутых мудрацоў
Пра славутых мудрацоў
Народу служылi вы i прымхам народу служылi вы, славутыя мудрацы! - а не праўдзе! Таму вам i была пашана.
Таму i трывалi ваша няверства, што яно было хiтрынай i ўзбочнай дарогай да народу. Так гаспадар дае волю сваiм рабам i нават цешыцца з iхняй дзёрзкасцi.
Але хто ненавiсны народу, як воўк сабакам, дык гэта - свабодны дух, вораг кайданоў, якi не кланяецца нiкому i жыве ў лясах.
Выгнаць такога з ягонага логава - гэта заўсёды называлася ў людзей "пачуццём справядлiвасцi"; на яго нацкоўваюць сама зубастых сабак i сёння.
"Бо праўда там, дзе народ! Гора, гора тым, што шукаюць!" - так у вас было спрадвеку.
Вы хацелi апраўдаць свой народ у ягоным пакланеннi: вы называлi гэта "воляй да праўды", вы, славутыя мудрацы!
У сэрцы сваiм вы заўсёды казалi: "З народу я выйшаў, адтуль сышоў на мяне i голас Божы".
Упартыя i разумныя, як аслы, вы заўсёды былi заступнiкамi народа.
I многiя ўладыкi, каб паладзiць з народам, запрагалi наперадзе сваiх коней вослiка - якога-небудзь славутага мудраца.
I цяпер я хачу, славутыя мудрацы, каб вы зусiм скiнулi з сябе iльвiную скуру!
Плямiстую скуру драпежнага звера i калматы хiб даследчыка, шукальнiка i заваёўнiка!
Ах, каб хутчэй паверыў я ў вашую "шчырасць", вы павiнны спачатку зламаць у сабе волю да пакланення.
Шчырым я называю таго, хто iдзе ў пустэльню бязбожнасцi i там скрушвае сэрца сваё, гатовае да пакланення.
Сярод жоўтых пяскоў, пад скварным сонцам, касавурыцца ён, смяглы, на крынiчныя аазiсы, дзе ўсё жывое раскошуе ў халадку.
Але i смага не можа прымусiць яго прыпадобнiцца да гэтых самазадаволеных: бо, дзе аазiсы, там i iдалы.
Галодным, самотным, бязбожным: такiм яму быць накануе iльвiная воля.
Свабодным ад шчасця раба, вызваленым з-пад божышчаў i пакланенняў, страханосным i бясстрашным, вялiкiм i самотным: гэта воля шчырага.
У пустынi заўсёды жылi шчырыя, свабодныя духi, жылi валадарамi пустынi; а ў гарадах жывуць славутыя мудрацы - укормленыя ўючныя жывёлы.
Заўсёды цягнуць яны, як аслы, тачку народа.
Не тое каб я на iх гневаўся: для мяне яны заўсёды застануцца слугамi ў збруi, нават калi яна зiхацiць золатам.
I часта яны былi добрыя слугi, вартыя пахвалы. Бо цнота кажа так: "Калi ты хочаш быць слугою, пашукай таго, каму твая служба будзе найбольш карысная!
Дух i цнота гаспадара твайго павiнны ўзрастаць таму, што ты ягоны слуга: так i сам ты росцiшся разам ягоным духам i ягонаю цнотаю".
Далiбог, так, славутыя мудрацы, слугi народа! Вы ўзрасталi разам з духам i цнотай народа - i народ узрос праз вас! Да гонару вашага кажу я вам гэта!
Але народ застаецца для мяне ў вашай цноце, народ з дурнымi вачыма, народ, якi не ведае, што такое дух!
Дух ёсць жыццё, якое само пажынае жыццё; сваёю ж пакутаю памнажае яно сваё веданне: цi ведалi вы ўжо гэта?
I шчасце духу ў тым, каб быць памазанцам i ахвярнаю жывёлаю, асвечанай слязьмi: цi ведалi вы ўжо гэта?
Слепата сляпога i яго шуканне навобмацак сведчаць пра сiлу сонца, на якое ён зiрнуў: цi ведалi вы ўжо гэта?
Трэба, каб спазнавальнiк навучыўся будаваць гарамi! Мала, што дух перастаўляе горы, - цi ведалi вы ўжо гэта?
Вы ведаеце толькi iскры духу, але не бачыце, што ён - кавадла, не бачыце вусцiшнасцi ягонага молата!
Далiбог, вы не ведаеце гордасцi духу! Але яшчэ больш невыноснай была б вам яго ўпакоранасць, калi б яна захацела загаварыць!
I вы яшчэ нi разу не асмелiлiся ўкiнуць ваш дух у снежную яму: бо вы недастаткова гарачыя! Таму вы i не ведаеце асалоды ягонага холаду.
Ва ўсiм вы з духам вельмi даверлiвыя i з мудрасцю часта абыходзiцеся так, нiбыта яна багадзельня i лякарня для бедных i благiх паэтаў.
Вы не арлы: i таму вы не зведалi шчасця ў жудасцi духу. А хто не птах, таму не дадзена адпачываць над прорваю.
Вы цёплыя: а крынiцы ўсякiх глыбокiх ведаў - халодныя. Сцюдзёныя, як лёд, сама глыбокiя вытокi духу - асалода рукам, гарачым дзеям.
Вы стаiце перада мною, ганарыстыя, з несагнутымi спiнамi, славутыя мудрацы! Нi моцны вецер, нi магутная воля не ўзрушваюць вас.
Цi бачылi вы калi-небудзь, як ляцiць па моры ветразь, круглы, напяты ветрам, як ён трымцiць ад шаленства яго?
Як ветразь з трымценнем ад буры, ляцiць мая мудрасць па моры - неакiлзаная мудрасць мая!
А вы, знакамiтыя мудрацы, слугi народа, - як можаце вы ляцець разам са мною.
Так сказаў Заратустра.